Раніца 13 лістапада для навучэнцаў школы была трошкі незвычайнай. У фае іх “сустракалі” мелодыі прыгожых беларускіх песень. Менавіта так распачаўся Дзень беларускай мовы. Навучэнцы, настаўнікі і работнікі школы прынялі ўдзел у акцыі “Далучы сваю далонь! Запішы любімае слова на беларускай мове!” Колькі мілагучных і прыгожых слоў прагучала! Але нязменнымі пераможцамі сталі вясёлка, Радзіма, матуля, шчасце, сонейка, Беларусь, жаўранак, бусел, пяшчота.
Хлопчыкі і дзяўчынкі 1-4 класаў здзейснілі фантастычнае падарожжа ў “Чароўны свет загадак”, дзе пазнаёміліся з гісторыяй беларускіх загадак, адказвалі на пытанні, прымалі ўдзел у гульнях: “Адгадай хутчэй”, “Даскажы загадку”,”Адгадай загадку і знайдзі адгадку”. Рабяты працавалі дружна, зладжана. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі Буцько Алёна, Андрушка Дар’я, Грышко Дар’я, Данцова Варвара, Данцоў Іван, Навасад Ягор, Хлусевіч Вікторыя, Галась Мілана, Гойлік Паліна.
Навучэнцаў 9-10 класаў чакаў літаратурна-музычны кактэйль “Спеў душы Яўгеніі Янішчыц”, прысвечаны 75-годдзю з Дня нарадзжэння беларускай паэткі. “Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” – так назвалі ў нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна пакінула за сваё нядоўгае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся. Падчас мерапрыемства рабяты пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам паэткі, паслухалі і пачыталі яе вершы, прасякнутыя пяшчотаю, любоўю, шчырасцю.
На працягу дня навучэнцы 5-9 класаў прынялі ўдзел у анлайн-чэленджы “Беларуская мова – мелодыя сэрца”. Песні на роднай мове, танцы, вершы – усё гэта стварала цудоўны настрой і незабыўныя эмоцыі.
Вялікі дзякуй усім удзельнікам Дня! Асаблівыя словы падзякі тым, хто аказваў дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў: Андрушка Вікторыі, Угляніцы Анастасіі (5 клас), Галась Дар’і(6 клас), Бабаш Марыне(7 клас), Леаненка Ганне, Верабей Вікторыі (8 клас), Кавальчуку Уладзіміру і Саўко Алене (10 клас).
Нам у спадчыну засталася мова продкаў-беларусаў — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Дык давайце будзем берагчы яе, вывучаць і карыстацца ёю.